Беларуская Служба

Польскі прэзідэнт: Украіна мусіць абараніцца

07.04.2023 12:25
У гэтым польскае кіраўніцтва бачыць гарантыю бяспекі сваёй краіны. Таксама Варшава кажа пра неабходнасць не спыняць падтрымліваць Украіну. У адваротным выпадку сітуацыя для Еўропы толькі пагоршыцца.
   .
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ілюстрацыйнае фотаPAP/Paweł Supernak

Калі б Украіна не змагла паспяхова адстаяць сваю незалежнасць, для Польшчы настала б новая геапалітычная рэальнасць. Краіне давядзецца межаваць з Расіяй. Гэта не будзе дэмакратычная краіна, але імперыялістычная дзяржава з агрэсіўнай палітыкай у дачыненні да суседзяў, заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

- Калі б Украіна не абаранілася, і Расія б яе акупавала, як хацеў летась Пуцін, мы б мелі мяжу з імперскай Расіяй, якая адчула смак поспеху, і якая, безумоўна, працягвала вастрыць свае кіпцюры на іншыя краіны.

У звязку з гэтым Польшча бачыць гарантыю сваёй бяспекі ў перамозе Украіны. Варшава бачыць сярод абавязковых умоў перамір’я: поўны зыход расійскіх войск з акупаваных тэрыторый Украіны, вяртанне пад поўны кантроль Украіны ўсіх тэрыторый згодна з міжнародна прызнанымі межамі да 2014 года. Пра гэта польскі прэзідэнт зазначыў, што «пра вайну ва Украіне трэба пастаянна нагадваць».

У Польшчы лічаць, што, што прынцыповая ўмова для таго, каб Украіна магла супрацьстаяць Расіі ў ваенным плане, звязана з тым, каб працягваліся пастаўкі зброі. Па гэтай прычыне, зазначыў Анджэй Дуда, пра вайну ва Украіне трэба пастаянна нагадваць. Шмат дзе ў свеце бачны спад цікавасці да гэтай тэмы.

- Мы будзе ўвесь час пераконваць, каб падтрымка Украіны не спынялася, каб не было негатыўнага эфекту «стомленасці» ад вайны. На Захадзе чуваць ужо галасы, што хопіць вайны, трэба спыніць падтрымку і тады яна скончыцца. Калі падтрымка спыніцца, вайна завершыцца перамогай Расіі. Гэтага нельга дапусціць.

Прэзідэнт Анджэй Дуда зазначыў, што Польшча будзе нагадваць заходняй супольнасці пра неабходнасць захаваць падтрымку Украіны ў барацьбе з Расіяй. Прэзідэнт нагадаў, што Польшча з'яўляецца адным з лідараў ваеннай падтрымкі Украіны без аслаблення ўласнага вайсковага патэнцыялу.

- Мы робім усе так, каб ніякім чынам не аслабіць бяспеку Польшчы і стабільнасць паставак узбраення для Войска Польскага. Наадварот мы пачалі атрымоўваць сучасную тэхніку з Карэі, прыйшлі танкі К-2, САУ К-9. У бліжэйшыя гады мы чакаем на буйныя пастаўкі.    

Польшча спрабуе таксама  атрымаць дадатковыя гарантыі бяспекі для Украіны напярэдадні саміту NATO ў Вільні. Юстына Гаткоўска з варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў заявіла, што Польшча выступае за пашырэнне форм супрацоўніцтва паміж Украінай і Паўночнаатлантычным альянсам.

- У NATO ёсць дзяржавы, якія неахвотна глядзяць на ўступленне Украіну ў Альянс. Цяжка будзе вынесці на разгляд падчас саміту NATO ў Вільне ўкраінскае сяброўства. Пры гэтым ёсць магчымасці пашырэння палітычнага ды вайсковага супрацоўніцтва, большая каардынацыя украінскіх сіл з натаўскімі, навучанне жаўнераў ды пастаўкі узбраення.

Польска-ўкраінскія стасункі цяпер знаходзяцца ў гістарычным моманце, а супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі прыносіць станоўчыя вынікі. Польшча цалкам падтрымлівае імкненне Украіны ўступіць у Еўрасаюз і НАТА. Прафесар Міхал Кляйбер, старшыня польскага камітэта ЮНЕСКА, падкрэсліў важнасць значнай ролі, якую Польшча адыграла і адыгрывае ў спыненні расійскай агрэсіі.

- Абсалютна не відавочна было, што Польшча так заангажуецца ў дапамогу Украіну, як у гуманітарным абшары, так і вайскова-палітычным. Польшча стала лідарам цэлай кампаніі па змене стаўлення Еўропы ды ўсяго свету ў бок Украіны. Мне здаецца, што тут мы адыгралі вялізарную ролю. Цяпер галоўнае, каб мы змаглі гэта выкарыстаць. Тым больш, што сітуацыя цяпер зусім іншая ў параўнанні з тым, што было год таму.

Польшча павінна скарыстацца цяперашняй сітуацыяй для стварэння міжнароднай кааліцыі, якая будзе забяспечваць Украіну боепрыпасамі і зброяй - асабліва самалётамі, перакананы эксперт.

У сваю чаргу дэпутатка ад партыі «Права і справядлівасці» Ёана Ліхоцка зазначыла, што ў будучыні — пасля заканчэння вайны і аднаўлення Украіны — абедзве краіны могуць стварыць саюз, які будзе мець ключавое значэнне для Еўропы.

- Супрацоўніцтва паміж такімі брацкімі народамі — як высвятляецца — палякамі і ўкраінцамі будзе мець вельмі пазітыўныя наступствы, але наперадзе нас чакае яшчэ шмат перашкод, яшчэ жорсткая вайна.

У Польшчы, дзе пражывае каля 3 мільёнаў украінцаў, на расійскую агрэсію глядзяць крыху інакш, чым у заходніх краінах. Польшча наўпрост зацікаўлена ў тым, каб Украіна змагла спыніць расійскі наступ. Са свайго боку польскія палітыкі ўздымаюць увесь час украінскае пытанне на ўзроўні ЕС да НАТО. Яны зазначаюць, што трэба пастаянна казаць пра небяспеку расійскай агрэсіі супраць Украіны і пра тое, што яна можа пагражаць стабільнасці ўсёй Еўропы.

Юры Ліхтаровіч